Памяць пакаленняў


Вайна – адна з тых тэм, якая нікога не пакідае абыякавым. З аднаго боку, размовы пра яе дапамагаюць вызваліцца ад болю ўспамінаў тым, хто быў яе непасрэдным удзельнікам, з другога – усе творы ў літаратуры, кіно, выяўленчым мастацтве даюць магчымасць захаваць памяць аб героях, падзеях, якія нельга забываць. Калі звярнуцца да творчасці беларускіх мастакоў, то яны гавораць пра Вялікую Айчынную вайну пранізліва, з болем, з пачуццём падзякі да тых, хто вынес усе нягоды на плячах, праўдзіва, з пазіцыі таго кошту, якім дасталася нашаму народу Перамога.

Экспазіцыя “Памяць пакаленняў” знаёміць з работамі ветэранаў, класікаў беларускага мастацтва з калекцыі Беларускага саюза мастакоў і Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.

Беларускія мастакі ўжо з канца 1940-х гадоў пачалі мастацкае асэнсаванне трагедыі, якая адбылася на беларускай зямлі. Кожнае пакаленне аўтараў дадавала ў бачанне Вялікай Айчыннай вайны нешта сваё, асаблівае, але заўсёды вельмі эмацыянальнае ўяўленне. Многія аўтары перажылі трагедыю асабіста, страціўшы ўсіх блізкіх ці правёўшы дзяцінства на акупаванай тэрыторыі. Іх творы – мастацкае абвінавачванне фашызму, заклік да міру.

Важным складнікам выставы з’яўляюца творы сучасных аўтараў з розных рэгіёнаў Беларусі, сяброў Беларускага саюза мастакоў, якія знаёмяць з тэматычнымі карцінамі, краявідамі, партрэтамі, скульптурнымі кампазіцыямі, творамі тэкстылю. У гэтых работах гучыць памяць аб мінулай вайне, заклік да забароны ўсіх форм генацыду ў сучасным свеце.

Сёння амаль не засталося мастакоў, якія самі перажылі вайну, генацыд ці халакост. Тое, з чым працуюць сёння аўтары, – гэта памяць пакалення, якое жыло да іх. Гэта – метафары, рэфлексіі на тэму гісторыі вайны, аповяд аб болі і душэўных траўмах, якія яна нясе. Працы нашых сучаснікаў часта валодаюць складанай сэнсавай нагрузкай, а іх назвы адсылаюць да літаратурных твораў. У сваіх творах мастакі інтэрпрэтуюць вобразы, падзеі, якія вызначаюць вельмі значную для беларускай гісторыі вяху – Вялікую Перамогу.

з 18 мая
ул. М.Горкага, 28
Час працы: 10.00-19.00
Выходныя: панядзелак, аўторак

17